Вайскоўцы, студэнты, пенсіянеры, чыноўнікі: хто галасуе датэрмінова на Віцебшчыне
Рэгіянальныя СМІ Віцебшчыны справаздачацца пра тэрміновае галасаванне. Традыцыйна сярод тых, хто галасуе напярэдадні асноўнага дня, шмат студэнтаў, салдатаў, пенсіянераў і дзяржаўных служачых.
Датэрмінова галасуе старшыня Віцебскага райвыканкама Сяргей Ягораў, які мяркуе, што прыняць удзел у выбарах — не толькі права, але і абавязак кожнага беларуса. Датэрмінова прагаласавала і ягоная намесніца Жанна Чаркунова, а таксама старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза супрацоўнікаў аховы здароўя Уладзімір Плыткевіч.
Кіраўнік ЖРЭТ Віцебска Аляксандр Дабатоўкін адзначыў, што "раіць" прагаласаваць сваім падначаленым загадзя, бо "у нядзелю ў кожнага свае клопаты".
Апроч гэтага, улады справаздачацца, што датэрмінова галасуюць настаўнікі, студэнты, салдаты тэрміновай службы і тыя, хто галасуе ўпершыню.
Раёнкі адзначаюць, што датэрмінова галасуе шмат пенсіянераў. Напрыклад, беларускі навуковец, ветэран Вялікай Айчынай вайны Аляксандр Коган, 86-гадовая Галіна Кітова і 85-гадовая Груша Андрэеўна Юшкоўская, 69-гадовы Аляксандр Трафімавіч Сысоеш, які раней быў старшынёй выбарчай камісіі ў вёсцы.
Дзяржаўныя СМІ Віцебшчыны пастаянна падкрэсліваюць, што датэрміновае галасаванне адбываецца спакойна і арганізована.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"