У Рагачове датэрмінова прагаласавалі практычна ўсе прадстаўнікі мясцовай наменклатуры
Практычна ўсе кіраўнікі Рагачоўскага раёна, устаноў і арганізацый горада, сваім уласным прыкладам агітавалі выбарцаў прагаласаваць датэрмінова. Прычым, іх паходам на выбарчыя ўчасткі мясцовая газета «Свабоднае слова» надавала першачарговую ўвагу, ператварыўшыся ў "стэнд для агітацыі".
Так, 22 лютага на ўчастку для галасавання № 8, які размешчаны ў будынку гарадскога Дома культуры, датэрмінова зрабіла свой выбар старшыня Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Ганковіч.
Услед за ёй свае фотасправаздачы пачалі размяшчаць на раённым сайце і сацыяльных сетках іншыя прадстаўнікі наменклатуры: дырэктар Рагачоўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Канстанцін Купрэеў, дырэктар КЖЭУП «Рагачоў» Уладзімір Давыдаў, кіраўнікі раённых арганізацый і дырэктары школ і вучэльні.
Рагачоўскае "Свабоднае слова" таксама размясціла «Графік культурна-масавых мерапрыемстваў», запланаваных на 25 лютага на ўсіх участках для галасавання. Апрача канцэртаў мастацкай самадзейнасці і спартыйных святаў амаль паўсюдна будуць арганізаваныя выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і самыя розныя кансультацыі – медычных работнікаў, юрыстаў і натарыусаў, работнікаў "Белдзяржстраху".