"Годныя ўмовы". Барысаўская раёнка паказала, як дапамагла прагаласаваць мужчыне на вазочку
Аб узроўні арганізацыі беларускіх выбараў падчас электаральнай кампаніі 2024 года можна шмат чаго даведацца не выходзячы з дому. І нават калі ваш дом знаходзіцца не ў Беларусі. З прычыны таго, што незалежныя СМІ ў краіне намаганнямі ўладаў знішчаныя або выцесненыя за мяжу, інфармацыю даводзіцца выцягваць невялікімі порцыямі з старонак сайтаў мясцовых дзяржаўных газет.
Дарэчы, не з-за кожнага "замежжа" вам пашчасціць патрапіць на сайты дзяржаўных органаў Беларусі або мясцовых газет. Як і назіранне за выбарамі, звесткі аб тым што адбываецца ў краіне прызначаная толькі для сваіх.
У публікацыі "Инвалид-колясочник Артем Яхимович: "Я — за Беларусь, в которой всегда мир" карэспандэнт барысаўскай раённай газеты “Адзінства” распавядае аб тым, як малады чалавек з інваліднасцю наважыўся ісці галасаваць датэрмінова. На думку аўтара для гэтага ў Арцёма Яхімовіча ёсць усе перадумовы. Манітор кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізаваў гэты артыкул.
Першая: "Калясачнік "прыбыў на ўчастак самастойна", скарыстаўшыся дапамогай супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра. На фотаздымку на фоне бюджэтнага аўтамабіля Geely Emgrand EC7 сацыяльны работнік пхае вазок з Яхімовічам праз дарожныя лужыны. Для чаго патрэбна было здымаць інваліда-вазочніка на фоне аўто – не зразумела. Бо ў багажнік гэтай мадэлі інвалідны вазок увойдзе толькі калі яго цалкам разабраць. Тады ў чым заключалася дзейсная дапамога?
Другая: "Да важнага мерапрыемства Арцём рыхтаваўся загадзя – вывучаў перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты, якія ёсць у свабодным доступе ў інтэрнэце". Проста зайдзіце ў любы пошукавік і паспрабуйце знайсці праграмы барысаўскіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў і Палаты прадстаўнікоў. Якія, як сцвярджае аўтар, ёсць у свабодным доступе. Па ўсім інтэрнэце на прыкладна два дзясяткі тысячы кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў гуляе усяго два дзясяткі іх праграм. Ці сапраўды Арцём ведаў праграмы кандыдатаў у дэпутаты?
Трэцяя: "На ўсіх участках для галасавання, дзе мы пабывалі, створаныя годныя ўмовы для гэтай катэгорыі грамадзян", – адзначыў Аляксандр Канончык, які суправаджаў інваліда-вазочніка. Ілюстрацыйны здымак на фоне ганку установы адукацыі СШ № 20 г. Барысава кажа сам за сябе: ніякіх пандусаў там няма і блізка. Магчыма, у памяшканне для датэрміновага галасавання Арцёма Яхімовіча ўцягвалі праз запасны ўваход. Фотаздымак з вазком перад зачыненымі дзвярыма не дае ніякай інфармацыі аб тым, ці сапраўды гэтым шляхам можна патрапіць на выбарчы ўчастак. А прыклееная на голую тынкаваную сцяну жоўтая наклейка з выявай інваліда ў вазку стварае хутчэй ўражанне “хатняй загатоўкі”, а не жывой рэчаіснасці.
Гіперспасылка, якая ёсць у тэксце і ўказвае, што “на ўсіх участках для галасавання” створаныя годныя ўмовы для грамадзян з інваліднасцю вядзе толькі на адзіную публікацыю. Там, сапраўды, ёсць фота з пандусам, гэта ўчастак № 18, які абсталяваны ў санаторных яслях-садку № 35 г. Барысава. Няўжо гэта ўсё, што можна прадэманстраваць, каб паказаць гатоўнасць да выбараў?
Яшчэ адна гіперспасылка, якая павінна прадэманстраваць, што “паслугамі Аляксандра і яго калег ужо скарысталіся больш дзесяці чалавек – інваліды па слыху” ўвогуле не выдае ніякай канкрэтнай інфармацыі.
З фотарэпартажу дзяржаўнай газеты не вынікае, што на выбарчым участку № 8, абсталяваным у СШ № 20, для галасавання інвалідаў-вазочнікаў, выбаршчыкаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, старых і нямоглых абсталяваны спецыяльны стол для запаўнення бюлетэняў. Наяўнасць такога стала ў памяшканні для галасавання абавязковая. Таксама не зразумела, ці ёсць магчымасць у інвалідаў-вазочнікаў, а таксама асоб, якія карыстаюцца пры запаўненні бюлетэняў дапамогай іншых, рабіць гэта ў спецыяльнай прасторнай кабіне. Хутчэй за ўсё, у памяшканні датэрміновага галасавання гэтага ўсяго няма.
Але члены ўчастковай камісіі не сумуюць. Па іх словах, выбаршчыкі наведваюць участак ад адкрыцця і да самага закрыцця. Для гэтага на дзяжурства ў камісіі мабілізавана максімальная колькасць членаў.
"Абстаноўка тут заўсёды спакойная і дзелавая", – дадаюць назіральнікі.