"Пародыя на выбары". Як у свеце адрэагавалі на выбары* дэпутатаў у Беларусі
25 лютага адбыўся адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. Афіцыйная датэрміновая яўка склала 41,71 %, што стала новым рэкордам выбарчых кампаній. У той жа час канчатковая яўка апынулася самай нізкай пасля 2000 года (73,09 %). Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай, у якіх назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі. Пазней выказаліся прадстаўніцтвы іншых краін і еўрапейскія палітыкі.
З рашучым асуджэннем "сістэматычных рэпрэсій падчас выбараў" у Беларусі выступіла знешнепалітычнае ведамства Германіі.
"Рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб здушыць імкненне народа да дэмакратыі. Ён адчуў сілу дэмакратычнай ідэі [на прэзідэнцкіх выбарах — 2020] — і гэтая сіла працягвае наводзіць страх на рэжым", — гаворыцца ў кароткай заяве МЗС ФРГ, выпушчанай пасля завяршэння ў Беларусі выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.
Таксама адрэагавалі дэпутаты Вярхоўнай Рады з дэпутацкага аб'яднання "За демократичну Білорусь". У заяве яны заклікалі свет не прызнаваць вынікі выбараў.
Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства адзначыў: "У Беларусі праводзяцца бязвыбары! 1420 палітвязняў, сярод якіх чальцы Форума — да гэтага часу за кратамі!"
Група "За дэмакратычную Беларусь" у нямецкім Бундэстагу выказала словы падтрымкі беларускаму народу:
"Мы — разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. І псеўда-выбары Лукашэнкі гэтага не зменяць".
Міністэрства замежных справаў Аўстрыі заявіла:
"Парламенцкія выбары ў Беларусі ані свабодныя, ані сумленныя. Мы працягнем працаваць для вольнай, незалежнай і квітнеючай Беларусі".
Дэпутат французскага Парламента Фрэдэрык Пеці адзначыў:
"Рэжым Лукашэнкі арганізуе пародыю на выбары — без апазіцыі і міжнародных назіральнікаў. Мы заклікаем міністра замежных справаў не прызнаваць іх вынікі".
Старшыня ПА НАТА заявіў:
"Бязвыбары ў Беларусі бессэнсоўныя".
Ён дадаў, што еўрапейскія парламенты і ўрады "мусяць працягваць асуджаць рэпрэсіі рэжыму".
Дзярждэп ЗША выступіў з заявай: Фіктыўныя выбары прайшлі ў атмасферы страху