Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На Міншчыне ўтварылі абласную і акруговыя камісіі. Большасць вылучэнцаў – ад праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў

Сумеснае пасяджэнне прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама, прысвечанае ўтварэнню Мінскай гарадской выбарчай камісіі і акруговых выбарчых камісій на тэрыторыі Мінска, 11 снежня 2023 года
Сумеснае пасяджэнне прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама, прысвечанае ўтварэнню Мінскай гарадской выбарчай камісіі і акруговых выбарчых камісій на тэрыторыі Мінска, 11 снежня 2023 года

Згодна з Календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 г. абласныя, Мінская гарадская, акруговыя, раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія выбарчыя камісіі мусілі быць утвораны не пазней за 11 снежня. У гэты дзень былі ўтвораныя Мінская абласная і 17 акруговых выбарчых камісій.

Адзначаецца, што ў склад Мінскай абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 11 чалавек, з іх два прадстаўнікі былі вылучаныя шляхам падачы заявы, 9 – ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Па адным прадстаўніку вылучылі Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя, таксама ў склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі наступных грамадскіх аб'яднанняў – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, РГА "Белая Русь", Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза журналістаў.

13 акруговых выбарчых камісій сфарміраваны ў колькасці 13 чалавек кожная і чатыры акруговыя камісіі – у колькасці 11 чалавек кожная.

Агулам у склад акруговых выбарчых камісій увайшлі 213 кандыдатаў. 103 кандыдаты былі вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заявы, чатыры – працоўнымі калектывамі, 106 – палітычнымі партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі.

Ад палітычных партый вылучаны:

  • пяць прадстаўнікоў – ад Беларускай партыі "Белая Русь";
  • шэсць прадстаўнікоў – ад Камуністычнай партыі Беларусі;
  • чатыры прадстаўнікі – ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Ад грамадскіх аб'яднанняў вылучаны:

  • 30 прадстаўнікоў – ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі;
  • 16 прадстаўнікоў – ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі;
  • 14 прадстаўнікоў – ад Беларускага саюза жанчын;
  • 14 прадстаўнікоў – ад РГА "Белая Русь";
  • восем прадстаўнікоў – ад Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў;
  • сем прадстаўнікоў – ад Беларускага Фонду міру;
  • адзін прадстаўнік – ад Беларускага саюза афіцэраў;
  • адзін прадстаўнік – ад РГА "Патрыёты Беларусі".

Прозвішчы і імёны сябраў камісій неапублікаваныя. Начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінгарвыканкама Андрэй Марозаў толькі сказаў:

"Як і загадвае Выбарчы кодэкс, у ліку вылучаных няма суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў. Усе прэтэндэнты на ўключэнне ў склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі з'яўляюцца прафесіяналамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці горада, якія маюць вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях".

Непублічныя спісы сябраў выбарчых камісій і скарачэнне магчымасцяў па вылучэнні ў іх склад. Усё, што трэба ведаць пра выбарчыя камісіі

Кампанія "Праваабронцы за свабодныя выбары" распавядае пра ўтварэнне выбарчых камісій, чым займаюцца іх сябры і якія новаўвядзенні чакаюць беларусаў на гэтай электаральнай кампаніі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"