Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Непублічныя спісы сябраў выбарчых камісій і скарачэнне магчымасцяў па вылучэнні ў іх склад. Як ствараюць выбарчыя камісіі

Ілюстрацыйнае фота "Белапан"
Ілюстрацыйнае фота "Белапан"

Згодна з Календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 г. абласныя, Мінская гарадская, акруговыя, раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія выбарчыя камісіі мусілі быць утвораны не пазней за 11 снежня. Гэта вельмі важны этап электаральнай кампаніі, бо менавіта сябры камісіі граюць галоўную ролю ў правядзенні выбараў: рэгістрацуюць кандыдатаў, лічаць галасы і агалошваюць вынікі галасавання. Кампанія "Праваабронцы за свабодныя выбары" распавядае пра ўтварэнне выбарчых камісій, чым займаюцца іх сябры і якія новаўвядзенні чакаюць беларусаў на гэтай электаральнай кампаніі.

Якія бываюць камісіі?

Згодна арт. 28 Выбарчага кодэкса падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў забяспечваюць: 

  • Цэнтральная выбарчая камісія, 
  • тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК), 
  • акруговыя выбарчыя камісіі (АВК),
  • участковыя выбарчыя камісіі (УВК).

ЦВК гэта адзіны пастаянна дзейны орган. Астатнія ўтвараюцца на кожнай электаральнай кампанія ў тэрміны, якія вызначаюцца Каляндарным планам.


Якія тэрміны вылучэння прадстаўнікоў_ц у склад камісій і ўтварэння складу камісій на выбарах*-2024?

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і акруговыя выбарчыя камісіі павінны быць утвораны не пазней за 11 снежня 2023 года. Тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у склад ТВК і АВК вызначаны не пазней за 5 снежня 2023 года.

УВК утвараюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем – мясцовымі адміністрацыямі ў складзе, як правіла, 5-19 сябраў камісіі не пазней чым за 30 дзён да выбараў. Варта адзначыць, што пры адначасовым правядзенні выбараў рознага ўзроўню, як на гэтай электаральнай кампаніі, УВК з'яўляюцца агульнымі па выбарах рознага ўзроўню, адзначана ў арт. 34 Выбарчага кодэкса.

Тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у склад УВК: прадстаўленне ў органы, якія ўтвараюць камісіі, дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій – не пазней за 19 студзеня 2024 г.

Самі камісіі павінны быць утвораны не пазней за 25 студзеня 2024 года.

Каляндарны план апублікаваны 21 лістапада 2023 года. ААН у дапаможніку "Правы чалавека і выбары" рэкамендуе пры складанні графіка правядзення выбараў улічваць неабходнасць, каб даты, вызначаныя ў календары, прадугледжвалі дастатковы час для рэалізацыі плана ўсіх элементаў выбарчага працэсу. Такім чынам, названы ў каляндарным плане тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у ТВК і АВК складае два тыдні і не з'яўляецца дастатковым для рэалізацыі выбарчых правоў, адзначаюць праваабаронцы.


Хто мае права вылучаць у іх склад?

У склады выбарчых камісій сябраў могуць вылучаць:

  • грамадзяне шляхам падачы заявы. Заява павінна быць падпісана не менш за 10 грамадзянамі, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі;
  • палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні;

Па стане на 12 снежня  Беларусі зарэгістраваныя чатыры палітычныя партыі: Беларуская партыя "Белая Русь", Камуністычная партыя Беларусі; Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі; Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Усе апазіцыйныя партыі ліквідаваныя. У першай справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначана, што праз змены ў рэгуляванні дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў, якія ўключаюць, сярод іншага, патрабаванні перарэгістрацыі палітычных партый, а таксама пагаршэнне ўмоваў дзейнасці іншых грамадскіх аб'яднанняў, на практыцы маюць вынікам радыкальную трансфармацыю беларускага палітычнага поля і некамерцыйнага сектара. У выніку гэтага скарачаецца колькасць грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі якіх могуць удзельнічаць у дзейнасці выбарчых камісій.

Згодна арт. 25 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз дапамозе свабодна выбраных прадстаўнікоў; галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія вырабляюцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў; дапускацца ў сваёй краіне на агульных умовах роўнасці да дзяржаўнай службы.

У п. 20 Заўваг агульнага парадку № 25 адзначаецца, што варта стварыць незалежны орган для кантролю за ходам выбараў і для забеспячэння іх справядлівасці, бесстароннасці і адпаведнасці законам, якія адказваюць палажэнням Пакта.

У п. 3.1.е Кіруючых прынцыпаў адносна выбараў, прынятых Венецыянскай камісіяй на 52-й сесіі (Венецыя, 18-19 кастрычніка 2002 года), паказана, што палітычныя партыі павінны быць у роўнай меры прадстаўлены ў выбарчых камісіях або павінны мець магчымасць назіраць за працай гэтых бесстаронніх органаў. Роўнасць можа разумецца як строгая або прапарцыйная.

  • працоўныя калектывы арганізацый або калектываў іх структурных падраздзяленняў, якія налічваюць не менш за 10 працуючых.

Згодна з арт. 35 Выбрачага кодэкса, толькі аднаго прадстаўніка могуць вылучаць у адпаведную тэрытарыяльную, акруговую, участковую камісію.


Чым займаюцца выбарчыя камісіі?

Выбарчыя камісіі займаюцца падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў. Адна з галоўных роляў камісій гэта рэгістрацыя кандыдатаў, падлік галасоў і апублікаванне вынікаў галасавання. 

На выбарчых органах ляжыць адказнасць забяспечыць справядлівыя, бесстароннія і законныя выбары.

Выбарчыя камісіі займаюць галоўную ролю ў правядзенні выбараў і забяспечваюць легітымнасць правядзення выбарчага працэсу. Менавіта ад працы сябраў выбарчых камісій залежыць прызнанне вынікаў галасавання грамадзянамі Беларусі.


Колькі камісій будзе сфарміравана?

Як заявіў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка перад першым пасяджэннем ЦВК, у працы выбарчых камісій падчас электаральнай кампаніі 2024 года будзе задзейнічана больш за 70 тысяч чалавек. Паводле яго, агулам будзе сфарміравана каля сямі тысяч камісій. Каштарысам вызначана фінансаванне 5515 участковых выбарчых камісій, 110 акруговых выбарчых камісій, 1284 тэрытарыяльных камісій і Цэнтральнай камісіі.


Непублічныя спісы сябраў камісіі — галоўнае новаўвядзенне гэтай электаральнай кампаніі

Згодна з ч. 6 арт. 34 ВК, у рашэнні аб утварэнні камісій паказваюцца прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі.

Да 2023 года дзейнічала іншая рэдакцыя ВК, у адпаведнасці з якой у СМІ друкавалася само рашэнне аб утварэнні камісій. Аднак Законам ад 16 лютага 2023 г. № 252-З у Выбарчы кодэкс унеслі змены. У адпаведнасці з ч. 8 арт. 34 ВК, публікуецца не само рашэнне аб утварэнні камісій, а паведамленне аб утварэнні камісій:

"Паведамленне аб утварэнні камісій у сямідзённы тэрмін з дня прыняцця адпаведнага рашэння публікуецца ў друкаваных сродках масавай інфармацыі. Паведамленне аб утварэнні гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых, сельскіх камісій у той жа тэрмін можа быць даведзена да ведама грамадзян іншым спосабам".

Падчас падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму-2022 экспертная місія па ацэнцы рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 2022 года ў Выніковай аналітычнай справаздачы адзначыла:

"Упершыню ў гісторыі электаральных кампаній у Беларусі спісы членаў участковых выбарчых камісій не былі размешчаны на сайтах мясцовых выканкамаў непасрэдна пасля фармавання камісій і ў пэўны Выбарчым кодэксам тэрмін не апублікаваныя ў мясцовых СМІ. Гэта з'яўляецца прамым парушэннем патрабаванняў Выбарчага кодэкса. Так, у сілу ч. 7 арт. 34 ВК рашэнне аб утварэнні камісій у сямідзённы тэрмін з дня яго прыняцця публікуецца ў друку. У рашэнні паказваюцца прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі".

Такім чынам, на рэферэндуме-2022, у парушэнне Выбарчага кодэкса, у публічным доступе не размяшчаліся спісы членаў участковых выбарчых камісій. Больш за тое, у выбаршчыка, пры ажыццяўленні права голасу, адсутнічаў доступ да агульнай інфармацыі аб выбарчай камісіі: прозвішчы, імя, імя па бацьку членаў участковых выбарчых камісій.

Адным з правоў, якія маюць дачыненне да выбарчых працэсаў, з'яўляецца права на доступ да інфармацыі. Неапублікаванне членаў выбарчых камісій парушае прынцыпы адкрытасці і празрыстасці інфармацыі, перакананыя праваабаронцы.

"Калі вы аддалі свой голас за вылучэнне прадстаўніка ва ўчастковую камісію, то аб прыняцці рашэння аб утварэнні камісіі, дзе зафіксавана, што менавіта Ваш прадстаўнік адабраны, вы даведаецеся толькі ў тым выпадку, калі ўбачыце яго на ўчастку ці ён сам вам пра гэта раскажа. Аднак на самім участку можа ўзнікнуць яшчэ адна праблема. Калі вы не ведаеце, як вонкава выглядае прадстаўнік, за якога вы паставілі подпіс – верагоднасць, што вы яго даведаецеся, невялікая, бо бэйджа з прозвішча, імя члена можа і не быць", — кажуць праваабаронцы.

Згодна з п. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару.

У п. 45 Кіруючых прынцыпаў па праве на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН пазначана, што выбарчыя органы павінны быць у стане працаваць незалежным і бесстароннім чынам, незалежна ад іх складу. Гэтыя органы павінны быць адкрытымі, празрыстымі і максімальна арыентаванымі на правядзенне кансультацый у ходзе прыняцця сваіх рашэнняў і прадастаўляць доступ да адпаведнай інфармацыі ўсім зацікаўленым бакам.


Як тлумачаць гэта чыноўнікі?

Новаўвядзеннем гэтай кампаніі з'яўляецца тое, што падчас гэтай кампаніі не будуць публічна публікавацца імёны і прозвішчы сябраў выбарчых камісій. Ігар Карпенка патлумачыў гэта абаронай людзей, якія ўвойдуць у склады камісій.

"Раней мы публікавалі спіс усіх гэтых грамадзян з іх персанальнымі дадзенымі. Але, як гаворыцца, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сістэма. А ў выніку атрымалі булінг, цкаванне гэтых людзей".

Хаця ў артыкуле 65 Канстытуцыі адзначаецца, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.

"Гэта не значыць, што сябры камісіі будуць безназоўным. Калі вы захочаце звярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, калі ў вас ёсць нейкія пытанні і гэтак далей, ён дасць усе неабходныя тлумачэнні. А па вялікім рахунку гэтая інфармацыя для радавога выбаршчыка абсалютна не патрэбна, таму як выбаршчык выконвае сваю функцыю, а камісія — сваю, прадугледжаную заканадаўствам. Таму мы ў гэтым плане прымаем спробы, каб засцерагчы ўсіх тых людзей, якія задзейнічаны ў правядзенні выбараў".

Сёння заканадаўствам замацавана, што ўсе члены камісій знаходзяцца пад абаронай закона.

"Пэўную ролю тут будуць адыгрываць і праваахоўныя органы, якія будуць забяспечваць і грамадскі парадак, і бяспеку на ўчастках для галасавання", — сказаў Карпенка.

Ён нагадаў, што заканадаўства прадугледжвае адпаведную адказнасць для тых, хто паспрабуе нейкім чынам пагражаць членам камісіі, пішуць дзяржаўныя СМІ.

Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", паводле артыкула 191 Крымінальнага кодэкса (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме) у 2020-2022 годзе было асуджана 15 чалавек. Такія справы ўдзбуджалі за распаўсюд і рассылку ўлётак з заклікам да сябраў выбарчых камісій лічыць галасы выбаршчыкаў сумленна, за раздрукоўку і захоўванне ўлётак з  агітацыяй за "два крыжыкі" на бюлетэнях на рэферэндуме, ці за жарт у відэаблогу з заклікам "ісці піць гарбату" да Лідзіі Ярмошынай (экс-старшыні ЦВК), як гэта было ў выпадку Сяргея Ціханоўскага.

На Сяргея Ціханоўскага заведзена новая крымінальная справа – за перашкоду выбарам

Па звестках праваабаронцаў “Вясны”, на Сяргея Ціханоўскага заведзена яшчэ адна крымінальная справа – па артыкуле 191 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.


Як прайшло фармаванне камісій у рэгіёнах?

У Віцебскай вобласці зацверджаныя склады абласной і акруговых выбарчых камісій

Спісы сябраў камісій не былі апублікаваныя ў сродках масавай інфармацыі. 

Фармаванне выбарчых камісій: паменела вылучэнцаў ад партый, больш стала прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў

Як гэта прайшло ў Гомелі, Брэсце і Гродна?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”