"Здагадкі і падробкі". Праваабаронца пракаментаваў прапагандысцкае "расследаванне" пра назіральнікаў за выбарамі
Увечары ў чацвер, 15 лютага, на дзяржаўным тэлеканале "АТН" выйшла чарговае "расследаванне" прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай з гучнай назвай "Как экстремисты хотели использовать белорусов на выборах? Это другое". Яно прысвечана "Вясне", місіі маніторынгу "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і назіральнікам на выбарах. З праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам разбіраемся, што не так з гэтым"расследаваннем". Спойлер — усё.
Нагадаем, у сярэдзіне снежня мінулага года па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі правяралі тэлефоны ў былых назіральнікаў, папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" і прасілі падпісаць паперу, што не будуць супрацоўнічаць з "Вясной". З імі таксама запісалі "пакаянныя відэа", скрын якіх прадэманстравалі 15 лютага ў відэасюжэце"АНТ".
Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што назіранне за кампаніяй 2024 года ажыццяўляецца ў фармаце экспертнай місіі, і ніякіх назіральнікаў да гэтага працэсу не прыцягвалі па меркаваннях іх бяспекі. Праваабаронца "Вясны" і эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка тлумачыць: гэта нясе небяспеку адвольных рэпрэсій для любога чалавека.
"З тае ж прычыны на сайце кампаніі назірання ўжо няма ўзораў скаргаў: пісаць скаргі такім камісіям і такой пракуратуры небяспечна і бессэнсоўна. Хоць пры гэтым і падкрэсліваем: дзейнасць назіральнікаў у прынцыпе – цалкам легальны інструмент грамадзянскага кантролю, прадугледжаны выбарчым кодэксам", – звяртае ўвагугу праваабаронца.
У "расследаванні" былі прадэманстраваныя спісы назіральнікаў з прозвішчамі. Павел Сапелка тлумачыць, што гэта за спісы:
"Не з'яўляліся вялікай таямніцай імёны назіральнікаў, якія былі накіраваныя грамадскімі арганізацыямі на выбары ў 2020 годзе – яны атрымлівалі адпаведныя накірункі і пасля гэтага праходзілі працэс афіцыйнай акрэдытацыі на выбарчых участках. Бо назіранне аж да выбараў 2020 года з'яўлялася галосным і бяспечным элементам грамадскай дзейнасці. Мы мяркуем, што ў "Вясне" дадзеныя гэтых людзей маглі захоўвацца на прыладах, канфіскаваных падчас шматлікіх ператрусаў 2020-21 гадоў. Аднак, на жаль, фактар папярэдняй грамадскай актыўнасці стаў падставай для адвольных нападак на гэтых жа людзей у снежні 2023 года".
Тады супрацоўнікі КДБ, прыходзячы да былых назіральнікаў з ператрусамі, казалі, што "Вясна" нібыта фармуе нейкі спіс назіральнікаў да адзінага дня галасавання ў 2024 годзе. Большасці менавіта гэта называлася нагодай візіту сілавікоў. Аднак не толькі гэта інфармацыя з'яўляецца хлуснёй.
"Разумеючы, што на слова дзяржаўным тэледывам людзі дакладна не павераць, аўтары і натхняльнікі сюжэту "грунтоўна" падрыхтаваліся: сфабрыкавалі дзве падробленыя скаргі аб парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдатамі ў дэпутаты Шаўцовым і Аляксеевай (апошнюю – з няправільна названым імем кандыдаткі, штопраўда).
Характэрныя агучаныя абставіны "атрымання" гэтых псеўдаскаргаў: "Гэты дакумент быў знойдзены ў офісе "Вясны" і "ў супрацоўнікаў так званага Праваабарончага цэнтра былі знойдзеныя тыпавыя заявы аб нібыта парушэнні Выбарчага кодэкса". У офісах "Вясны" цяпер, напэўна, шмат можна знайсці пасля налёту на іх і арышту ў ходзе следства, вось толькі апошні раз сябры "Вясны" там былі ў 2021-м... Ну і ніякіх сябраў "Вясны" на працягу апошняга месяца не затрымлівалі — а раней не былі вядомыя імёны кандыдатаў (больш за тое, аператарка бутэлькаўкладачнага і бутэлькаразгрузачнага аўтамата на вінна-гарэлачным заводзе і па сумяшчальніцтве — сябра ЛДПБ Яўгенія Аляксеева яшчэ сама, хутчэй за ўсё, не ведала аб сваім псеўдасаперніку ў выглядзе аднаго праўладнага камуніста)", — адзначае Павел Сапелка.
Пры гэтым дадае, што гэтай гісторыі можна было не надаваць увагі, калі б не некалькі абставінаў:
"Гэтыя ж спецслужбы ў жніўні прызналі нашу арганізацыю "экстрэмісцкім фармаваннем", і да гэтага часу не прадставілі ніводнага доказу нашай экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта нядзіўна: мы вядзем выключна легітымную праваабарончую дзейнасць, таму ўлады пайшлі на стварэнне падробленых доказаў і правакацыі.
Вядучая анансавала з'яўленне яшчэ адной фальшыўкі – дадзеных аб падліку яўкі на галасаванне, чым ні "Вясна", ні кампанія па назіранні за выбарамі з нашым удзелам ніколі не займалася, не бачачы ў гэтым сэнсу і не валодаючы для гэтага магчымасцямі. Мы заўсёды ацэньвалі працэсы, а не вынікі выбараў. Гэта азначае, што нападкі на нас і фабрыкацыя падробленых доказаў выдуманых злачынстваў "Вясны" працягнецца, а гэта ўжо не выдуманае, а самае сапраўднае злачынства рэжыму і яго памагатых".
Таксама Павел Сапелка адзначае, што ў працэс адвольнага пераследу "Вясны" сілком залучаюць людзей, якія не маюць дачынення да арганізацыі, уразлівых у сілу свайго знаходжання ў ахопленай рэпрэсіямі краіне:
"Гэта небяспечна для іх тым, што ў адсутнасць доказаў датычнасці да дзейнасці "Вясны" уладам будзе дастаткова знайсці нейкія іншыя сляды пратэстнай актыўнасці".
Напрыканцы праваабаронца адзначае, што выпуск такога "расследавання" перад выбарамі ўжо ў традыцыях беларускіх уладаў. А пасля рэйду на былых назіральнікаў гэта было чакана і прадказальна:
"Прапаганда і спецслужбы спехам зляпілі чарговую пародыю на расследаванне. І як заўсёды, у аснове "расследавання" – здагадкі і падробкі. У гэтай улады напярэдадні галасавання стабільнае толькі адно: выдзіманыя лічбы ў афіцыйнай статыстыцы па выніках выбараў і пацукі ў водаправодзе (вагнераўцы ў лясах, дыверсанты на балотах)".