"Адпрацавалі разнастайныя сітуацыі". Міліцыя паказала, як будзе затрымліваць на выбарчых участках пратэстоўцаў
Ужо на гэтым тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы. З 20 лютага да 24 лютага пройдзе датэрміновае галасаванне. Па дзяржаўнаму тэлебачанню паказалі, як міліцыя рыхтуецца да іх правядзення.
У "спецыяльным занятку МУС" асабіста прымала Наталля Качанава.
"Па сцэнары выбаршчык, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання, фатаграфуе бюлетэнь — гэта парушэнне закона. На заўвагі старшыні выбарчай камісіі не рэагуе. Парушальніка прыйшлося затрымаць супрацоўнікам міліцыі. Мінскі гарнізон адпрацоўвае варыянты, якія могуць адбыцца ў рэальным жыцці.
А гэты натоўп людзей ля будынка выбарчага ўчастка штучна стварыў чаргу. Далей болей — гнеўныя крыкі і нават падпал чалавека. Але група захопу ўжо тут. Дэбашыры затрыманыя, а пацярпеламу аказана неабходная медыцынская дапамога.
Сярод іншых сцэнарыяў — правакацыі на ўчастку для галасавання, выяўленне нічыйнай сумкі, неапазнаны лятальны апарат у небе над будынкам, дзе размешчаны выбарчы ўчастак. Праваахоўнікі адпрацавалі разнастайныя сітуацыі", — распавядае ў сваім рэпартажы Глеб Пракоф'еў.
Ахоўваць участкі ў дні галасавання будуць не толькі міліцыянты, але і байцы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ, а таксама ветэраны міліцыі.
З гэтага тыдня асабісты склад міліцыі перавядуць на ўзмоцнены варыянт службы. Паводле інфармацыі МУС, больш за 10 тысяч чалавек возьмуць пад кантроль выбарчыя ўчасткі.
Адзначаецца, што з улікам вопыту 2020 года прынята рашэнне аб стварэнні мабільных груп хуткага рэагавання.
"Гэта групы хуткага рэагавання з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, таксама з ліку спецпадраздзяленняў у поўнай экіпіроўцы, узброеныя аўтаматычнай зброяй", — кажа Аляксандр Купчэня, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС.
Пад строгім кантролем міліцыі. У МУС распавялі, як будуць адбывацца выбары*