Пад строгім кантролем міліцыі. У МУС распавялі, як будуць адбывацца выбары*
Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня 9 лютага правёў прэс-канферэнцыю, прысвечаную забеспячэнню бяспекі падчас выбараў. Міліцыя пяройдзе на ўзмоцнены рэжым з 19 лютага. Купчэня ўдакладніў, што больш за ўсё міліцыі будзе задзейнічана ў дзень галасавання. На ўсіх выбарчых участках будуць выстаўленыя міліцэйскія пасты і нарады, а ўсе аб'екты, дзе будуць размяшчацца ўчастковыя камісіі, абсталююць камерамі відэаназірання і трывожнымі кнопкамі.
"Да пачатку датэрміновага галасавання ўсе аб'екты будуць абсталяваны ручнымі сродкамі трывожнай сігналізацыі і відэаназіраннем", — сказаў ён.
Паводле яго, цяпер міліцыя сумесна з участковымі камісіямі праводзіць трэнінгі, дзе адпрацоўваюць "тыпавыя алгарытмы дзеянняў".
"Міліцыянты будуць знаходзіцца таксама паблізу памяшканняў для галасавання, у гатоўнасці зрэагаваць і аказаць неабходнае садзейнічанне камісіям у падтрыманні правапарадку", — удакладніў Купчэня.
Акрамя таго, прадугледжаны мабільныя групы і групы хуткага рэагавання ў поўнай экіпіроўцы. Таксама будзе выкарыстоўвацца»патэнцыял добраахвотных дружын".
"З улікам вопыту электаральнай кампаніі 2020 года пад асаблівую ўвагу міліцыі ўзятая любая інфармацыя, якая змяшчае пагрозы і абразы ў дачыненні да членаў выбарчых камісій. Па кожным факце размяшчэння ўлётак у паштовых скрынях, званкоў па тэлефоне альбо паведамленняў у мэсенджарах, сацыяльных сетках будзе дадзена ацэнка ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Хацелася б яшчэ раз папярэдзіць: аператыўныя мерапрыемствы па выяўленні і фіксацыі такіх правапарушэнняў працягваюцца. Яны не спыняюцца", — адзначыў Аляксандр Купчэня.
Ахоўваць членаў выбаркамаў, паводле яго, будуць як падчас галасавання, так і пры перавозцы бюлетэняў.
Сустрэчы з міліцыянтамі і следчымі. Як ЦВК рыхтуецца да выбараў*?