Сустрэчы з міліцыянтамі і следчымі. Як ЦВК рыхтуецца да выбараў*?
На афіцыйным сайце Цэнтрвыбаркама паведамілі, што старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка днямі сустрэўся з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў і Следчага камітэта. Паведамляецца, што абмяркоўвалі забеспячэнне грамадскага парадку на ўчастках для галасавання і меры па забеспячэнні бяспекі арганізатараў і ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
На сайце ЦВК напісана, што 12 снежня старшыня ЦВК Беларусі праінфармаваў калектыў МУС аб ходзе падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання і асаблівасцях яго правядзення. На сустрэчы з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў таксама абмяркоўваліся пытанні забеспячэння грамадскага парадку на ўчастках для галасавання ў перыяд выбарчай кампаніі.
7 снежня Ігар Карпенка сустрэўся з работнікамі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. У рэжыме відэа-канферэнц-сувязі да дыялогу далучыліся супрацоўнікі ўпраўленняў па абласцях і горадзе Мінску, выкладчыцкі склад інстытута Следчага камітэта. Паведамляецца, што Карпенка праінфармаваў следчых аб асаблівасцях правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання і аб прымаемых мерах па забеспячэнні бяспекі арганізатараў і ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
Нагадаем, 21 лістапада перад першым пасяджэннем ЦВК Карпенка заявіў, што пры падрыхтоўцы выбарчай кампаніі 2024 года ўжо адпрацаваны шэраг пытанняў з Міністэрствам унутраных справаў, а пытанне бяспекі знаходзіцца на кантролі Лукашэнкі:
"Але мы павінны разумець, што ў цэлым забеспячэнне бяспекі і грамадскага парадку ў перыяд такіх важных палітычных кампаній, якімі з'яўляюцца выбарчыя кампаніі, — гэта не толькі задача ЦВК, але і ўсіх датычных органаў дзяржаўнай улады. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі ў кіраўніка дзяржавы, ён знаходзіцца на кантролі і прэзідэнта, і праваахоўных органаў. Будзем старацца, каб усё прайшло спакойна і народ мог свабодна праявіць сваю актыўнасць і выказацца ў падтрымку тых ці іншых кандыдатаў".
Днямі праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што цягам некалькіх дзён па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы і праверкі ў былых назіральнікаў_ц на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. У іх правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". З былымі назіральнікамі_цамі таксама запісваюць "пакаяльныя відэа".