Насупраць ГУБАЗіКа, каля Акадэміі навук і гандлёвых цэнтраў. У Мінску з затрымкай вызначылі забароненыя месцы для перадвыбарчых пікетаў
Згодна з Календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання мясцовыя органы ўлады павінны былі да 10 снежня вызначыць месцы, дзе нельга праводзіць пікетаванне ў межах выбарчай кампаніі 2024 года. Мінскі гарадскі выканкам прыняў адпаведнае рашэнне толькі 14 снежня і нядаўна яго апублікаваў. Пры гэтым усе 22 райвыканкамы Мінскай вобласці да 10 снежня апублікавалі рашэнні па вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання. У параўнанні з выбарчай кампаніяй у 2020 годзе спіс месцаў у Мінску, у якіх забаронена ладзіць перадвыбарчыя пікеты, павялічыўся.
Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 14 снежня 2023 года № 5105 забаронена ладзіць перадвыбарчыя пікеты на цэнтральных плошчах Мінску: Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, Плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, Плошчы Якуба Коласа (у межах праспекта Незалежнасці – вуліцы Якуба Коласа). Іх колькасць не змянілася ў параўнанні з папярэдняй кампаніяй.
Таксама нельга збіраць подпісы на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў афіцыйнай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, ад будынкаў, збудаванняў, у якіх знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных перадаючых станцый і радыёперадаючых станцый. Адзначым, што ў 2020 годзе можна было пікетаваць каля рэдакцый. Такая забарона з'явілася на гэтай выбарчай кампаніі ў многіх гарадах Беларусі.
Традыцыйна забаронена пікетаваць на аб'ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, прыпынку грамадскага транспарту, аўтавакзалах, мастах і пуцеправодах, праезных частках аўтамабільных дарог, падземных пешаходных пераходах, паркоўках аўтатранспарту.
Згодна з рашэннем забараняецца праводзіць пікетаванні з мэтай збору подпісаў на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва (грамадскі транспарт; прадпрыемствы вода -, цяпло-, энергазабеспячэння; ўстановы аховы здароўя; дзіцячыя дашкольныя ўстановы; установы вышэйшай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі; прамысловыя прадпрыемствы).
Нельга пікетаваць таксама ў нацыянальным аэрапорце "Мінск", а таксама на адлегласці менш 200 метраў перад аб'ектамі аэрапорта, а таксама ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, будынкаў гандлёва-забаўляльных цэнтраў "Замак" і "Galleria Minsk", гатэля "Мінск", "Палац спорту", "Мінск-Арэны", "Белэкспа", будынка Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, будынка Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. На выбарчай кампаніі ў 2020 годзе ў гэтых месцах можна было збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў.
Таксама ў рашэнні пазначаны адрасы, дзе нельга ладзіць перадвыбарчыя пікеты. На папярэдняй электаральнай кампаніі такіх забаронаў не было. Так, на забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш за 300 метраў ад будынка, размешчанага па вуліцы Акадэміка Красіна, 99. А таксама на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў па вуліцах Убарэвіча, 99, Інжынерная, 7, Каліноўскага, 55, Максіма Багдановіча, 46, Веры Харужай, 18/2, Данілы Сердзіча, 10, Рэвалюцыйная, 10, праспектам Дзяржынскага, 92, Пушкіна, 15А, 43А . Па некаторых адрасах размяшчаюцца прадпрыемствы, а некаторыя адрасы, якія патрапілі пад забарону, застануцца таямніцай. Так, напрыклад, гугл-мапа паказвае, што па адрасе Акадэміка Красіна, 99 размешчаны кавярня "Балук" і дзяржаўнае прадпрыемства "АКБ Акадэмічнае". А вось па адзначаным у рашэнні адрасе Данілы Сердзіча, 10, дзе цяпер будзе забаронена збіраць подпісы, размяшчаецца аддзяленне Белпошты № 82, крама "Азарэнне" № 16, салон прыгажосці "Віяніка", аптэка, майстэрня бытавых паслуг. Пры гэтым адзначым, што па іншых адрасах, дзе размешчаюцца падобныя аб'екты, пікетаваць не забараняецца.
Па адрасе Максіма Багдановіча, 46 размешчаецца галоўны вайсковы шпіталь. Насупраць пазначанага адрасу Рэвалюцыйная, 10 знаходзяцца будынкі МНС і ГУБАЗіКа. Па адрасе вуліца Пушкіна, 43А у Мінску базуецца офіс А1.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
На цэнтральных плошчах і каля рэдакцый. Дзе на Міншчыне забаронена збіраць подпісы па вылучэнні кандыдатаў
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае падрабязнасці.