Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Адзіны дзень галасавання стварае падставы для патэнцыйнай няроўнасці дэпутатаў". Гаворым пра віды выбарчых кампаній

Галоўнай асаблівасцю цяперашняй электаральнай кампаніі з'яўляецца сумяшчэнне выбараў* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых Саветаў, пачынаючы з абласнога і заканчваючы сельскім. З экспертамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" мы разбіраемся ў відах выбарчых кампаній і абмяркоўваем "адзіны дзень галасавання".

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што такое выбарчая кампанія?

Вызначэнне гэтага працэсу даецца ў артыкуле 155 Выбарчага кодэкса. Згодна з ім пад выбарчай кампаніяй варта разумець дзейнасць па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, якая ажыццяўляецца ў перыяд з дня афіцыйнага апублікавання рашэння аб прызначэнні выбараў да дня апублікавання вынікаў выбараў.

"У штодзённай прамове мы часта кажам "выбары", маючы на ўвазе ўсё, што мусіць адбыцца, каб з'явіўся новы склад парламента або мясцовага Савета дэпутатаў. Таму калі гавораць аб справядлівых і свабодных выбарах, мяркуецца, што на ўсіх этапах выбарчай кампаніі выконваюцца ўстаноўленыя працэдуры і правы выбаршчыкаў. Гэтыя этапы ўключаюць у сябе фармаванне выбарчых камісій, вылучэнне і рэгістрацыю кандыдатаў, агітацыю, непасрэдна галасаванне, падвядзенне вынікаў. Ацэньваць якасць выбараў толькі па тым, як прайшоў дзень галасавання, немагчыма. У гэтай сувязі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў сваёй першай справаздачы паказала на парушэнні асноўных палітычных і грамадзянскіх свабод, уключна з свабодай выказвання меркавання, асацыяцыі і сходаў, і таму выбары*2024 ужо цяпер немагчыма назваць свабоднымі", – тлумачаць праваабаронцы.

Сітуацыя напярэдадні выбараў*2024. Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Экспертная місія па маніторынгу выбараў*2024 ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Наогул выбары праводзяць, каб сфармаваць выбарныя дзяржаўныя органы. Такі механізм рэалізацыі ўлады народа праз абраных прадстаўнікоў называецца прадстаўнічай дэмакратыяй. Артыкул 3 Канстытуцыі Беларусі абвяшчае, што "адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя ды іншыя органы".

Якія віды выбарчых кампаній існуюць?

Віды выбарчых кампаній вызначаюцца тым, якія дзяржаўныя органы выбіраюцца: як непасрэдна грамадзянамі, так і ўскосна, калі адзін выбарны орган абірае іншы. Так, у Беларусі праводзяць выбарчыя кампаніі па выбарах:

  • прэзідэнта,
  • дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу,
  • дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў,
  • чальцоў Савета Рэспублікі,
  • дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Пры гэтым усенароднымі прамымі выбарамі абіраюцца толькі:

  • прэзідэнт ("прэзідэнцкія выбары"),
  • дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ("парламенцкія выбары"),
  • дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў ("мясцовыя выбары").

Выбары УНС і Савета Рэспублікі — непрамыя. УНС складаецца з "дэлегатаў", якімі з'яўляюцца прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Чальцоў (яны таксама не называюцца дэпутаты) Савета Рэспублікі, верхняй палаты парламента, абіраюць мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска (па восем чальцоў) і восем чальцоў прызначаюцца прэзідэнтам. Такім чынам выбары дэпутатаў ніжняй палаты парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў ператвараюцца шмат у чым у падрыхтоўку да фармавання УНС, рэзюмуюць праваабаронцы.

А чым рэгламентуецца "адзіны дзень галасавання"?

У 2022 годзе артыкул 67 Канстытуцыі быў зменены — уведзены "адзіны дзень галасавання" для выбараў дэпутатаў.

Арт. 56 Выбарчага кодэкса канкрэтызуе палажэнне аб адзіным дні галасавання: цяпер і парламенцкія, і мясцовыя выбары праводзяцца "ў апошнюю нядзелю лютага пятага года паўнамоцтваў Парламента".

Фармаванне складу ніжняй палаты парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў у 2024 годзе будзе першай электаральнай кампаніяй пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пры гэтым, яшчэ ў час абвяшчэння пачатку экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* у Беларусі 25 лютага 2024 года праваабаронцы адзначылі:

"Пагасіўшы крызіс 2020 года сілай, улады працягваюць жорстка душыць любыя праявы таго, што яны лічаць палітычнай альтэрнатывай. Палітычны ландшафт краіны характарызуецца бесперапыннымі рэпрэсіямі за спробы рэалізаваць такія грамадзянскія і палітычныя правы, як свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцый. Улады знішчылі тысячы арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежныя СМІ, апазіцыйныя палітычныя партыі; у турмах у нечалавечых умовах працягваюць знаходзіцца праваабаронцы, журналісты і грамадзянскія актывісты, а таксама іншыя апаненты рэжыму. Тысячы асуджаных па палітычных матывах грамадзян пазбаўленыя выбарчых правоў. Сотні тысяч выбаршчыкаў вымушаныя былі пакінуць краіну праз атмасферу страху ці пагрозу палітычна матываванага пераследу. Пры гэтым усе яны былі пазбаўленыя свайго права галасаваць праз пастанову ўладаў не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой".

 Чаму было прынятае рашэнне праводзіць такі від кампаніі?

Улады тлумачаць увядзенне "адзінага дня галасавання" і сумяшчэнне кампаній, што мае на ўвазе выкарыстанне агульных выбарчых камісій і ўчасткаў для галасавання, эканоміяй бюджэтных сродкаў.

"Але адзіны дзень галасавання стварае падставы для патэнцыйнай няроўнасці дэпутатаў: у выпадку роспуску Палаты прадстаўнікоў або мясцовага Савета дэпутатаў, абраны на пазачарговых выбарах склад дэпутатаў ажыццяўляе свае паўнамоцтвы толькі да чарговага адзінага дня галасавання, на якім абіраецца новы склад, г.зн. тэрмін іх паўнамоцтваў будзе карацей поўнага пяцігадовага перыяду", – тлумачаць праваабаронцы.

Як будзе арганізавана галасаванне на "адзіным дні галасаванні"?

У "адзіны дзень галасавання" – 25 лютага – грамадзяне будуць абіраць дэпутацкі корпус усёй краіны: 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 12 514 дэпутатаў мясцовых саветаў усіх трох тэрытарыяльных узроўняў: першаснага, базавага і абласнога. Асаблівасцю адзінага дня галасавання з'яўляецца тое, што ўпершыню ўсе дэпутаты будуць абраныя ў рамках адной выбарчай кампаніі. Да выбараў будуць утвораны 1 394 акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Завяршальным этапам стане фарміраванне дэпутацкага корпуса ў "адзіны дзень галасавання", выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу і выбары прэзідэнты, якія павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

У сілу сумяшчэння кампаній, выбаршчык атрымае як мінімум два бюлетэні (парламенцкі і мясцовы), а выбаршчыкі ў сельскай мясцовасці – адначасова чатыры бюлетэні: па выбарах* дэпутатаў у сельскі савет, па выбарах* дэпутатаў у раённы Савет дэпутатаў, па выбарах* дэпутатаў абласнога Савета дэпутатаў і па выбарах* дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.

З 20 па 24 лютага прызначана датэрміновае галасаванне.

Як праваабаронцы ацэньваюць сумяшчэнне кампаній?

"Выбудоўваецца сістэма, якая можа быць празмерна грувасткай для выбаршчыкаў, асабліва ў адсутнасць адэкватнай асветы і магчымасцяў для агітацыі. У той жа час, у ідэальнай сітуацыі выканання заканадаўства, якая цяпер у Беларусі адсутнічае, сумяшчэнне парламенцкай і мясцовай выбарчых кампаній дазволіла б грамадзянскай супольнасці больш эфектыўна кантраляваць ход правядзення выбараў. Акрамя таго, магчыма, павысілася б палітычная актыўнасць: звычайна цікавасць выбаршчыкаў да агульнанацыянальных (парламенцкіх) выбараў вышэйшая, а да мясцовых – ніжэйшая. На жаль, цяпер сітуацыя, калі любая несанкцыянаваная ўладамі актыўнасць успрымаецца як пагроза, і звязаная з рэпрэсіямі", – адзначаюць прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".


*Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Вось тут можна азнаёміцца з іншымі інфармацыйнымі матэрыяламі кампаніі пра выбары*:

"Барані Божа, мяне пачнуць "скланяць", што мая група не прагаласавала". Галасаваць – права ці абавязак?

Юрыдычная служба "Вясны" разбіраецца, чым адрозніваецца свабоднае галасаванне ад абавязковага.

"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*

Гэтае ды іншыя пытанні, звязаныя з праблемамі і рэаліямі беларускіх выбараў*, мы абмеркавалі з экспертам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Паўлам Сапелкам.

"Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі". Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае ўсё, што трэба ведаць пра незалежнае назіранне.

"Сёння гэта адзіны, што застаўся, бяспечны спосаб узаемадзеяння з уладай". Праваабаронцы распавядаюць пра права на галасаванне

З экспертамі і эксперткамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" разбіраемся, што такое індывідуальнае выбарчае права, ці магчыма сёння ў Беларусі абараніць свой голас і гаворым пра іншыя актуальныя пытанні права на галасаванне.