У Гомелі ГА "Белая Русь" правяла першы пікет па зборы подпісаў, парушаючы заканадаўства
Першы пікет для збору подпісаў прайшоў 23 снежня на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам па вуліцы Савецкай у Гомелі. Пад час ранейшых электаральных кампаній тут пікетавалі і праўладныя арганізацыі, і апазіцыйныя грамадскія аб’яднанні. Аднак сёлета сітуацыя кардынальна змянілася.
Паводле рашэння Гомельскага гарвыканкама, пляцоўка перад гандлёвым цэнтрам стала забароненай для правядзення перадвыбарчых пікетаў.
Як паведаміў “Флагшток”, у гэтым зручным для агітацыі месцы, прадстаўнікі праўладнай партыі “Белая Русь” правялі пікет па зборы подпісаў, парушыўшы рашэнне мясцовай улады.
Адзінае ўдакладненне: сёлета ў выбарчым працэсе ўдзельнічаюць і партыя “Белая Русь”, і грамадскае аб’яднанне пад аднайменнаю назвай.
У дадзеным выпадку парушэнне дапусціла - як гэта бачна на фотаздымку - менавіта грамадскае аб’яднанне, прадстаўнікі якой пачалі збіраць подпісы за вылучэнне дзвух асоб: рэктара ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргея Хахомава і кіраўніка праўладнай абласной філіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча.