Сталі вядомыя імёны патэнцыйных дэпутатаў парламента ад Гомеля
У Беларусі пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Да 30 студзеня тэрытарыяльныя и акруговыя выбарчыя камісіі будуць правяраць дакументы на прадмет іх адпаведнасці Выбарчаму кодэксу і прымуць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам.
Як паведамляе Гомельская абласная выбарчая камісія, па стане на 15 студзеня вылучана 46 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў – 3602 кандыдаты, з іх 131 у абласны, 1365 у раённыя, 87 у Гомельскі гарадскі, 2019 у сельскія, пасялковыя, гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання).
А ў сямі выбарчых акругах абласнога цэнтра і Гомельскага раёна вылучылася 20 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Аднак, зыходзячы з палітычных рэалій, па большасці выбарчых акругаў ужо сёння можна з упэўненасцю казаць, хто стане дэпутатам, а каму на маючых адбыцца выбарах прыгатаваная толькі другая роля. Па выніках выбараў можа стацца, што прадстаўляць Гомель у беларускім парламенце будуць толькі былыя ідэолагі і кіраўнікі раёнаў горада.
Як меркавалася раней, з дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Гомеля на чарговы тэрмін балатуюцца найбольш адыёзныя: Віталь Уткін і Ірына Даўгяла. Калі экс-галоўны ідэолаг вобласці Ірына Даўгала па-ранейшаму з'яўляецца беспартыйнай, то былы кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Віталь Уткін апошнім часам стаў сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
У сваю чаргу “Флагшток” паведамляе, што ад Гомельскай-Прамысловай акругі ў Палату прадстаўнікоў таксама накіраваны ідэолаг. Намеснік гендырэктара па ідэалогіі ААТ “Гомельскі ДСК" Анжаліна Сырамятнікава балатавалася і на папярэдніх выбарах, аднак у той раз саступіла экс-дырэктару СШ 69 Аляксандру Машкараву. Адзначым, што ў параўнанні з мінулымі выбарамі Анжэліна Сырамятнікава змяніла партыйную прыналежнасць, перайшоўшы з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ў партыю “Белая Русь”.
Дэпутатам ад Чыгуначнай выбарчай акругі верагодна зноў стане прадстаўнік холдынгу “Гомсельмаш". На змену экс-начальніку ўпраўлення бяспекі ЗЛіНа Аляксандра Данчанку ідзе галоўны ідэолаг «Гомсельмаша» Аляксандр Канапацкі.
У органах выканаўчай улады Навабеліцкага раёна ў 2024 годзе вызначаюцца сур'ёзныя змены. Дэпутацкі мандат мае намер атрымаць дзеючы кіраўнік адміністрацыі Навабеліцкага раёна Сяргей Казачок.
Падабенства перадвыбарчай інтрыгі захоўваецца ў Цэнтральнай выбарчай акрузе. На адзін дэпутацкі мандат тут прэтэндуюць старшыня абласнога аддзялення "Саюза пісьменнікаў Беларусі" Уладзімір Гаўрыловіч і галоўны ідэолаг ААТ «Інстытут “Гомельграмадзянпраект” Алег Філіпцоў.
А ў Гомельскай-Сельскай выбарчай акрузе нечаканыя метамарфозы адбыліся ўжо падчас выбарчай кампаніі. У снежні 2023 года дзеючы дэпутат Ігар Завалей зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, аднак у спісе вылучаных кандыдатаў экс-першы сакратар абласнога БРСМ не значыцца. Замест яго за крэсла дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскага раёна пазмагаюцца выкладчык ГДТУ ім. Сухога, дэпутат гарсавета Юлія Волкава і галоўны ідэолаг Добрушскай папяровай фабрыкі “Герой працы” Аляксандр Мартынаў.