Адзіны дзень галасавання: хроніка падзей і пераследу
У Беларусі 25 лютага – адзіны дзень галасавання на выбарах* дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, абласныя і мясцовыя саветы. Яму папярэднічала датэрміновае галасаванне, падчас якога бюлетэні атрымалі 41,71% выбаршчыкаў. Масавае галасаванне кіраўнікоў усіх рангаў, студэнтаў, рабочых і пенсіянераў, падарункі за ўдзел у галасаванні, канцэрты і флэшмобы — так выглядала папярэдняе галасаванне. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" збіраюць інфармацыю аб тым, як галасуюць беларусы ў асноўны дзень, 25 лютага.
Студэнты, вайскоўцы, адкрытыя кабінкі, Канстытуцыя — у падарунак. Як у Беларусі праходзіла датэрміновае галасаванне
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць, як прайшло ў Беларусі датэрміновае галасаванне.
У спісы выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў уключаны 96 тыс. грамадзян РФ, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі.
МУС заявіў, што ў Беларусі 25 лютага было спакойнае становішча на фоне выбараў
"На сённяшні дзень якіх ― небудзь грубых парушэнняў грамадскага парадку дапушчана не было", ― паведаміў у эфіры СТВ першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.
Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка адрэагаваў на рэакцыю Дзярждэпартамента ЗША на выбары ў Беларусі:
"Як яны так хутка з-за акіяна ацанілі ўсе?"
Дзярждэп ЗША выступіў з заявай: Фіктыўныя выбары прайшлі ў атмасферы страху
У Магілёўскай бальніцы ўчастак для галасавання зачыніўся раней часу. Праўладны паблік спачатку пацвердзіў гэта, а потым выдаліў пост
Канал "Рэальная Беларусь" апублікаваў інфармацыю ад відавочцы, якая заявіла, што выбарчы ўчастак № 87, якія размяшчаецца ў Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы зачыніўся раней часу, а сябры УВК пачалі падлік галасоў прыкладна ў гадзіну дня, піша MAYDAY. Было таксама апублікавана відэа, якое ўскоснае пацвярджае тое, што здарылася.
На інцыдэнт адрэагаваў праўладны тэлеграм-канал "Магілёў — наш горад", які вядзецца пад эгідай аддзела ідэалогіі Магілёўскага гарвыканкама. У 19 гадзін быў апублікаваны пост, у якім сцвярджалася, што паведамленне пра фальсіфікацыі-гэта фейк, але пры гэтым пацвярджалася, што ўчастак зачыніўся раней часу:
"Вось толькі ніводнага слова, што ўчастак лічыцца закрытым, і пасля таго, як усе выбаршчыкі са спісу тых, хто галасуе зрабілі свой выбар, згодна з Выбарчым кодэксам, участак зачыняецца".
Менш чым праз пару хвілін пост быў выдалены.
У 20:00 закрыліся ўчасткі на выбарах дэпутатаў
Усяго працавала 5411 участкаў для галасавання, у тым ліку 215 часовых — у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 11 — у воінскіх частках. Акрамя таго, было арганізавана галасаванне дома.
Папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання ЦВК Беларусі абяцае агучыць 26 лютага ў 2:00.
Па стане на 18:00 ЦВК заявіў, што яўка выбаршчыкаў склала 70,29 %, а ў 20:00 — 72,98 %.
"Незалежны" нямецкі назіральнік: "Уражанні пазітыўныя"
Прапагандысты заяўляюць, што за выбарамі* 25 лютага назіраюць каля трохсот міжнародных "незалежных" назіральнікаў, у тым ліку з Германіі, Сербіі, Францыі, Польшчы. Так, сярод "незалежных" назіральнікаў, якія прысутнічаюць на выбарчых участках Брэста заўважаны адыёзны нямецкі палітык, прэс-сакратар па знешняй палітыцы нямецкай цэнтрысцкай партыі Олівер Шнееман.
"Назіраю за выбарамі ў Берасці. Мне далі спіс выбарчых участкаў у горадзе. Выбарачна наведаў некалькі з іх. Быў у школе № 13, музычным каледжы імя Шырмы, абласным ліцэі імя Машэрава. Уражанні пазітыўныя", — каментуе ён ход галасавання брэсцкай газеце "Заря".
Олівер Шнееман раней прымаў удзел у Міжнародным з'ездзе Міжнароднага саюза антыфашыстаў у Севастопалі ў 2019 годзе, які запомніўся шавіністычнымі і нацыяналістычнымі заявамі і выступамі. У 2020 годзе "назіраў" за выбарамі прэзідэнта ў Беларусі і даваў ім высокую адзнаку. Яго некалькі разоў цытавалі афіцыйныя СМІ:
"Умяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі, інфармацыйныя атакі, санкцыйны ціск і дэманстратыўная актыўнасць войскаў NATO паблізумежаў — гэта ўвесь арсенал інструментаў гібрыднай вайны... Аказваецца, не ўсе грамадзяне ЕС падзяляюць афіцыйную пазіцыю еўрапейскіх чыноўнікаў".
Па стане на 16:00, як заявіў ЦВК, яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў склала 65,40 %
Шэсць беларусаў замежжа прагаласавалі на спецучастку
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Балдоўская на прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК распавяла, колькі грамадзян Беларусі, якія аформілі выезд для пастаяннага галасавання за мяжой, узялі ўдзел у выбарах:
"На 248-м участку прагаласавала шэсць нашых грамадзян, якія маюць пашпарты, аформленыя для пастаяннага пражывання за мяжой".
Беларусам з-за мяжы прапаноўваюць прагаласаваць на ўчастку каля вакзалу ў Мінску. Каментуе юрыстка
Фотафакт: галасаванне на даму ў Бабруйску
Чальцоў выбарчай камісіі суправаджае міліцыянт з аўтаматам.
ЦВК паведаміла, што па стане на 14.00 яўка выбаршчыкаў склала 59,17 %.
Ніхто з беларусаў замежжа не прыехаў прагаласаваць на спецыяльна створаны выбарчы ўчастак у Мінск
Пра гэта журналістам распавяла сакратарка ЦВК Алена Балдоўская. Яна спадзяецца, што да вечара такія людзі знойдуцца.
Нагадаем, у гэтую выбарчую кампанію ўчасткі за мяжой створаны не былі. Для беларусаў замежжа арганізавалі адзін участак у Мінску — людзей запрашалі прыехаць у краіну, каб прагаласаваць там.
У Гомелі на выбарчым участку затрымалі мужчыну, які знаходзіцца ў вышуку
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што на адзін з выбарчых участкаў абласнога цэнтру прыйшлі двое нецвярозых мужчын — адзін хацеў прагаласаваць, а другі ў "якасці падтрымкі".
Паведамляецца, што другі мужчына «паводзіў сябе абуральна і нават закаціў скандал». У выніку яго затрымалі міліцыянта — сцвярджаецца, што мужчына нібыта знаходзіўся ў вышуку.
"Не прагаласуеш – выпішам з лякарні!"
У Рагачове адміністрацыя бальніцы, дзе размяшчаецца закрыты ўчастак для галасавання, запатрабавала ад пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні, абавязковага галасавання. Тым, хто адмаўляецца – прыгразілі выпіскай са стацыянара і іншымі праблемамі.
Такая сітуацыя адбылася ў Рагачоўскай ЦРБ. Абураная пацыентка напісала ў чат Рагачоўскага райвыканкама ў суботу перад апошнім днём галасавання, паведамляе "Флагшток".
На ціск паскардзілася жыхарка Рагачоўскага раёна, якая не мае беларускага грамадзянства:
"Калі я не хачу і не грамадзянін РБ, чаму мяне прымушаюць галасаваць прымусова!!! Пагражаючы тым, што выпішуць са шпіталя..."
Дадаткова на пацыентку націснулі абвінавачваннямі ў парушэнні іміграцыйнага заканадаўства.
Электроніку не падманеш: чаму бюлетэні па-ранешаму будуць лічыць уручную
Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка заявіў сёння на прэс-канферэнцыі, што "сістэма апрацоўкі галасоў выдатна абароненая":
"Сістэма выдатна абаронена, таму што ніякай электроннай апрацоўкі няма. Працуем мы старым спосабам".
Бюлетэні лічаць і раскладваюць па стосіках сябры ўчастковых камісій.
Карпенка нагадаў, што ў Беларусі распрацавана канцэпцыя лічбавізацыі выбарчага працэсу, аднак яна патрабуе дэталёвага абмеркавання, зацвярджэння і далейшай працы.
"Па-першае, гэта не ўсё так адназначна ўспрымаецца, і, вядома, у першую чаргу трэба забяспечыць пытанні бяспекі і ўстойлівасці дадзенай сістэмы", — цытуе Карпенку "Спутнік".
Фотафакт: так сустракаюць сёння выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання
"У адзіны дзень галасавання па ўсёй краіне супрацоўнікі органаў унутраных спраў нясуць службу па ахове грамадскага парадку на выбарчых участках", — рапартуе афіцыйны тэлеграм-канал МУС.
На жыхара Гомельшчыны склалі пратакол за фота бюлетэня
Акурат перад закрыццём выбарчага ўчастка ў апошні дзень датэрміновага галасавання 24 лютага выбаршчык вырашыў зрабіць фота запоўненага бюлетэня. На заўвагі камісіі ён палічыў за лепшае не рэагаваць. У справу давялося ўмяшацца міліцыі.
Па інфармацыі аднаго з праўладных чатаў, на мужчыну склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Па якім артыкуле КаАП – не паведамляецца.
"Перадайце ім, што я пайду"
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе браць удзел у прэзідэнціх выбарах 2025 года. Пасля галасавання на выбарчым участку ў Менску журналісты запыталіся ў Лукашэнкі пра будучыя прэзідэнцкія выбары.
Ён адказаў: "Перадайце ім, што я пайду", — паведамляе набліжаны да Лукашэнкі тэлеграм-канал "Пул первого".
Групы хуткага рэагавання, нарады міліцыі і аператыўна-сітуацыйныя штабы
Супрацоўнікі міліцыі будуць гатовыя рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі і аказваць неабходнае садзейнічанне выбарчым камісіям у спыненні парушэнняў.
"Да месцаў правядзення галасавання набліжаныя нарады, прадугледжаны мабільныя групы і групы хуткага рэагавання ў поўнай экіпіроўцы. На аб'ектах выкарыстоўваюцца сістэмы відэаназірання. Без увагі не застанецца ні адно правапарушэнне або здарэнне", — папярэджваюць грамадзян сілавікі.
Таксама задзейнічаныя добраахвотныя дружыны, ветэранскія арганізацыі і БРСМ.
У гэтым годзе на ўчастках для галасавання катэгарычна забараняецца: фатаграфаваць, здымаць на відэа ці выносіць выбарчыя бюлетэні, здзяйсняць іншыя супрацьпраўныя дзеянні, альбо знаходзіцца ў стане ап'янення.
Гомельшчына выправілася і б'е рэкорды
Пасля "праколу" ў першы дзень датэрміновага галасавання, калі Гомельская вобласць прадэманстравала самы нізкі працэнт яўкі на ўчасткі, на 9.00 25 лютага яўка выбаршчыкаў, паводле звестак абласной камісіі склала 51,63% ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у спісы для галасавання.
Сёння зранку на выбарчым участку для галасавання № 87 у Гомелі і прысутнасці шматлікіх журналістаў прагаласаваў за "надзейны мост ва ўпэўненае заўтра" старшыня аблвыканкама Іван Крупко. А памочнік Лукашэнкі — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў прагаласаваў на выбарчым участку № 97.
"Упэўнены, што праз час мы будзем успамінаць гэты час з гонарам і натхненнем", — сумбурна пракаментаваў чыноўнік.