ЕС: "Новыя прадстаўнікі парламента і мясцовых саветаў не маюць дэмакратычнай легітымнасці"
На фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі 25 лютага ў Беларусі адбыўся адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай, у якіх назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі. Пазней выказаліся прадстаўніцтвы іншых краін і еўрапейскія палітыкі. Таксама наконт беларускіх выбараў* выказаўся і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Ён заявіў, што ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а таксама ў чарговы раз патрабаваў у беларускіх уладаў вызваліць палітвязняў.
У заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля гаворыцца, што легітымнасць выбараў была сур'ёзна падарваная "беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій, парушэння правоў чалавека, абмежаванняў на ўдзел у палітычным жыцці і доступу да незалежных СМІ".
"У гэтым кантэксце відавочна, што ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а новыя прадстаўнікі парламента і мясцовых саветаў не маюць дэмакратычнай легітымнасці".
Ад імя ўсяго Еўразвязу Барэль выказаў шкадаванне праз тое, што ўлады ў Мінску не запрасілі на выбары назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ. На яго думку, гэта "яшчэ раз сведчыць аб недастатковай празрыстасці выбарчага працэсу і няздольнасці забяспечыць яго адпаведнасць міжнародным выбарчым стандартам".
"ЕС працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць сваіх прадстаўнікоў шляхам сапраўдных, дэмакратычных і празрыстых выбараў", — гаворыцца ў заяве.
Барэль яшчэ раз заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і рэабілітаваць іх.
"ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускіх дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці. Рашучасць беларускага народа, які з велізарнай рызыкай для сябе працягвае адстойваць дэмакратыю, з'яўляецца важным фактарам, які ўсяляе надзею".
Дзярждэп ЗША выступіў з заявай: Фіктыўныя выбары прайшлі ў атмасферы страху