Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Літва заявіла, што не прызнае вынікі выбараў* у Беларусі і заклікала ўлады да дыялогу

Ілюстрацыйны фотаздымак
Ілюстрацыйны фотаздымак

МЗС Літоўскай Рэспублікі выступіла з заявай наконт выбараў* у Беларусі, у якой заявілі, што лічаць іх незаконнымі і не прызнаюць іх вынікі. Літва заклікала беларускія ўлады распачаць дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю і яго дэмакратычнымі сіламі. 

У заяве дакладна апісваецца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі:

"У апошнія гады, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх "выбараў" Беларусі 2020 года і падаўлення масавых пратэстаў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі трансфармаваўся ў таталітарную дыктатуру, каб захаваць уладу і поўны кантроль над краінай і яе грамадзянамі. Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне стала крытычнай: колькасць палітвязняў расце, апазіцыйныя партыі забароненыя, закрываюцца ўсе незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі, уведзеная жорсткая цэнзура, рэпрэсіі і запалохванні працягваюць перашкаджаць любому ўдзелу ў дэмакратычных працэсах і спробах абараніць свае правы і свабоды ў пратэстах. Арганізацыі па правах чалавека выявілі тысячы выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з беларускім народам з боку сілавых структур. Пра лёс многіх палітычных зняволеных няма ніякай інфармацыі; незразумела, ці жывыя і здаровыя яны яшчэ. Усё гэта стала стандартнай практыкай беларускага рэжыму душыць любыя спробы беларусаў пратэставаць або супраціўляцца. Рэжым А. Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць агрэсіўную рыторыку і праводзіць варожую знешнюю палітыку ў адносінах да суседзяў — выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі сітуацыі ў Літве і іншых краінах ЕС, ігнаруе міжнародныя стандарты ядзернай бяспекі, сумесна з Расіяй праводзіць ваенную агрэсію супраць Украіны і г. д".

МЗС Літвы адзначае, што "так званыя выбары ў парламент і органы мясцовага самакіравання, якія адкрываюць шлях да фармавання інстытута, прадугледжанага змененай у 2022 годзе Канстытуцыяй краіны — так званага "Усебеларускага народнага сходу", — для забеспячэння праўлення А. Лукашэнкі на ўсё астатняе жыццё".

"Літва лічыць гэты дэманстратыўны, недэмакратычны працэс (званы "выбарамі") незаконным і не прызнае яго вынікі. Цяперашні рэжым у Беларусі, які ўзначальвае дыктатар А. Лукашэнка, незаконны і злачынны. Любыя дзеянні А. Лукашэнкі ва ўнутранай і знешняй палітыцы, накіраваныя на падаўжэнне ўзурпацыі беларускай улады, заключэнне новых міжнародных пагадненняў і далейшае абмежаванне суверэнітэту беларускага народа, лічацца і будуць лічыцца несапраўднымі".

МЗС Літвы заяўляе, што адзіны выхад з тупіка, у які рэжым Лукашэнкі заводзіць Беларусь, ігнаруючы спадзяванні беларускага народа, — гэта як мага хутчэй пачаць усебаковы дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю і яго дэмакратычнымі сіламі на чале са Святланай Ціханоўскай аб новых, па-сапраўднаму дэмакратычных выбарах пад наглядам міжнародных назіральнікаў пад кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ, якія будуць адпавядаць міжнародна прызнаным стандартам незалежных, свабодных і справядлівых выбараў.

"Літва выказвае сваю салідарнасць з народам Беларусі, які не спыняе барацьбу за незалежную, свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь".


Нагадаем, на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі 25 лютага ў Беларусі адбыўся адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Гэта выклікала жорсткую міжнародную рэакцыю.

Міжнародныя рэакцыі на выбары*:

МЗС Польшчы: "Мы расчараваныя рашэннем Мінска ператварыць выбары ў фарс і пародыю на дэмакратыю"

МЗС Польшчы 27 лютага выступіла з заявай, дзе рашуча асудзіла правядзенне выбараў у Беларусі ва ўмовах крайняга невыканання дэмакратычных працэдур.

"Пародыя на выбары". Як у свеце адрэагавалі на выбары* дэпутатаў у Беларусі

Пазней выказаліся прадстаўніцтвы іншых краін і еўрапейскія палітыкі.

ЕС: "Новыя прадстаўнікі парламента і мясцовых саветаў не маюць дэмакратычнай легітымнасці"

Жазэп Барэль заявіў, што ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а таксама ў чарговы раз патрабаваў у беларускіх уладаў вызваліць палітвязняў.

Дзярждэп ЗША выступіў з заявай: Фіктыўныя выбары прайшлі ў атмасферы страху

Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай, у якіх назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"