Студэнты, вайскоўцы, адкрытыя кабінкі, Канстытуцыя — у падарунак. Як у Беларусі праходзіла датэрміновае галасаванне
Беларускія ўлады абвесцілі, што па выніках чатырох дзён датэрміновага галасавання на выбарах* дэпутатаў узялі ўдзел 33,61% выбаршчыкаў. Масавае галасаванне студэнтаў, рабочых і пенсіянераў, падарункі за галасаванне — "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць, як прайшло ў Беларусі датэрміновае галасаванне.
"Намагаюцца стварыць уражанне высокай яўкі незаконнымі і маніпулятыўнымі метадамі"
Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за перадвыбарнай агітацыяй
Хто галасаваў датэрмінова?
Па ўсёй Беларусі датэрмінова галасавалі чыноўнікі, пенсіянеры, студэнты, вайскоўцы. На Гарадзеншчыне з першага дня тон задавала самае высокае кіраўніцтва вобласці.
На Магілёўшчыне студэнтам "настойліва рэкамендавалі" прагаласаваць датэрмінова, працягваліся ідэалагічныя лекцыі ва ўніверсітэтах. Матывавалі студэнтаў магчымымі праблемамі з пражываннем і вучобай, а абяцалі — адзін вольны ад навучання дзень.
Жлобінская раённая газета «Новы дзень» агітавала мясцовых жыхароў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Як узор газета прыводзіла настаяцеля прыхода аднаго з храмаў горада.
Рэгіянальныя СМІ Віцебшчыны справаздачыліся пра тэрміновае галасаванне. Традыцыйна сярод тых, хто галасуе напярэдадні асноўнага дня, шмат студэнтаў, салдатаў, пенсіянераў і дзяржаўных служачых.
На Берасцейшчыне ў асноўным датэрмінова галасавалі сталыя людзі.
Што адбывалася на датэрміновым галасаванні?
У Гомельскай вобласці кабінкі для галасавання пазбавілі фіранак. Гэта адбылося пасля таго, як Лукашэнка забараніў здымаць запоўненыя бюлетэні: відавочна, кіраўніцтва рэгіёну вырашыла такім чынам пракантраляваць закон. Прапагандысты аргументавалі гэтае рашэнне тым, што здымка запоўненага бюлютэня "парушае таямніцу галасавання".
На фотаздымках з участку №1 ў музычным каледжы імя Рыгора Шырмы таксама было выразна відаць, што кабінкі для галасавання без шторак, і ў кожнай кабінцы вісіць строгае папярэджанне:
"Забараняецца выносіць выдадзены бюлетэнь за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня".
Гэтыя ўсе захады (разам з узмацненнем аховы і запужваннямі з боку сілавікоў) адбываліся на фоне адсутнасці на гэтай кампаніі і апазіцыйных кандыдатаў, і незалежных назіральнікаў.
Тым, хто галасаваў упершыню, раздавалі падарункі. Усім выбаршчыкам, якія ўпершыню галасуюць, на некаторых участках Берайсцейшчыны ўручылі падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
У Гомельскай вобласці ў службовых чатах распаўсюджвалі "просьбы" арганізаваць стоадсоткавую яўку для датэрміновага галасавання, а таксама патрабавалі справаздачу пасля гэтага.
Каб пераканаць выбарцаў прыняць удзел у датэрміновым галасаванні ўлады прыкладалі тытанічныя намаганні. Напрыклад, у Светлагорску ладзіліся канцэрты і флэшмобы, а раённая газета "Светлагорскія навіны" штодня прысвячае некалькі матэрыялаў гэтай тэме.
У Светлагорску актывістак, якія галасавалі датэрмінова, заўважылі адразу на некалькіх участак. Яны "сумясцілі здаровы лад жыцця і грамадзянскі абавязак".
“Яшчэ з папярэдніх этапаў гэтых выбарчай* кампаніі было ўжо бачна, што нейкай канкурэнцыі, спаборніцтва, гонкі кандыдат_ак чакаць не прыйдзецца. Тыповыя пікеты, тыповыя праграмы, ідэалагічныя лекцыі замест агітацыі. За каго галасаваць — гаворкі не ідзе (зразумела, што насамрэч галасаваць няма за каго).
Гэты тыдзень мы з зацікаўленасцю глядзелі, што будзе адбывацца, бо было не зусім зразумела якую стратэгію абяруць улады: нуль шуму і ніякіх натоўпаў на выбарчых участках альбо класічныя загоны на датэрміновае галасаванне. Выглядае, што ўсё ж выйграла старая добрая класіка", — пракаментавала юрыстка кампаніі Святлана Галаўнёва.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"