Калі вы хочаце падзяліцца інфармацыяй пра парушэнні і вы знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, стаўце сваю ўласную бяспеку ў прыярытэт — зрабіце захады, каб мінімізаваць магчымыя наступствы для сябе!
- Перад адпраўкай падключыце VPN. Мы можам параіць бясплатныя Psiphon і TunnelBear. Калі VPN падключаны, «Белтэлекам» не будзе бачыць, на якія сайты вы зараз заходзіце.
- Адчыніце новае акно ў рэжыме інкогніта ў браўзеры Google Chrome ці новае прыватнае акно ў браўзеры Firefox. Гэта дазволіць не пакідаць сляды, якія звычайна застаюцца, калі вы працуеце з сайтам на вашым камп'ютары ці смартфоне (гісторыя, кукі, кэш).
- Пры ўключаным і актыўным VPN у рэжыме інкогніта ці прыватным акне адкройце форму парушэнняў, запоўніце і дашліце яе нам. Праверце, каб на момант запаўнення формы вы не былі ўнутры свайго ўліковага запісу Google, бо ў такім выпадку ён можа захаваць чарнавік формы там.
- Пасля адпраўкі формы зачыніце ўсе вокны ў інкогніта рэжыме ці прыватныя вокны — толькі ў гэты момант з камп'ютара выдаляцца сляды адпраўкі.
- Калі вы звязваецеся з намі праз Telegram, калі ласка, не забудзьце пачысціць гісторыю паведамленняў на сваім баку і потым выдаліць кантакт/размову/бота. Яшчэ лепей — стварыць і выкарыстоўваць асобны ўліковы запіс Telegram для такой камунікацыі, і праз нейкі час выдаліць яго цалкам.
- Калі вы дасылаеце нам email, то лепей гэта зрабіць з асобнай «чыстай скрыні», якую трэба стварыць і далей працаваць з ёй згодна з пунктамі вышэй. Не забудзьце выдаліць з тэчкі «Адпраўленыя» той ліст, які вы нам даслалі. Калі вы дасылаеце вялікія файлы і яны адпраўляюцца праз Google Дыск, то пасля таго, як мы пацвердзім, што ўсё спампавалі і захавалі, — выдаліце іх са свайго Google Дыска і пачысціце сметніцу там.
- Выдаліце арыгіналы фотаздымкаў і тых дакументаў, якія нам перадалі, са сваіх камп’ютараў і смартфонаў, пачысціце сметніцу. Добрай ідэяй можа быць ачыстка гісторыі апошніх файлаў, з якімі вы працавалі, з дапамогай праграмы, накшталт CCleaner — каб пры праверцы вашай прылады не было бачна рэшткаў адпраўленых файлаў і іх імёнаў (нават калі самі файлы вы ўжо знішчылі і ачысцілі сметніцу).